Суббота, 20.04.2024, 07:52




  Чеховщинская
вспомогательная
школа-интернат
Вы вошли как Гость | Группа "Гости"
Архив записей

Каталог файлов

Главная » Файлы » Мои файлы

областной семинар - практикум 7 февраля 2013 года
17.02.2013, 23:15

 

   

"Зімовая азбука” Міхась Даніленка

 

Задачы:

выпрацоўваць навык правільнага чытання цэлымі словамі з захаваннем нормаў літаратурнага чытання;

развіваць зрокавае і слыхавое ўспрыманне, увагу, уменне арыентавацца ў змесце прачытанага па пытаннях настаўніка;

фарміраваць уменне выдзяляць галоўнае ў прачытаным,  папаўняць актыўны слоўнікавы запас;

выхоўваць любоў да роднай прыроды.

Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу.

Абсталяванне: прэзентацыя, малюнкі птушак і звяроў, падручнікі,  маскі жывёл.

Ход урока

I. Арганізацыйны момант  (Слайд 1)

       (Вучні прагаворваюць верш):                                             

Празвінеў званок і змоўк.

Пачынаецца ўрок.

Слухаем, запамінаем,

Ні хвілінкі не губляем.

− Добры дзень, паважаныя госці! Добры дзень, дарагія дзеці! Я вельмі рада сустрэчы з вамі. Сёння ў нас незвычайны ўрок. На нашым уроку прысутнічаюць госці. Прывітаем іх і падорым ім нашыя ўсмешкі. А цяпер паглядзіце адзін на аднаго, усміхніцеся і пажадайце поспеху.

 

II.  Аператыўна-пазнавальны

− У нас урок чытання. Пачаць нашу працу я прапаную з адгадвання загадкі:

                              Гаспадар стаіць багаты,

                              Ён частуе ўсіх дзяцей:

                              Ваню – сунічкай,

                              Таню – чарнічкай,

                              Машаньку – арэшкам,

                              Пецю – сыраежкай,

                              Кацю – малінкай,

                              Васю – галінкай! 

 − Вы здагадаліся, хто гэты  гаспадар? Па чым? Дзе мы збіраем чарнічку,

арэшкі, сыраежкі? Так, наша размова на ўроку пойдзе пра лес. Мы будзем

гаварыць і чытаць пра тое,  як зараз выглядае лес і  як у зімовую пару

адчуваюць сябе яго жыхары.

 − Ці  былі вы ў лесе зімой?   Калі не, то ўбачыць яго нам дапамогуць  фотаздымкі  (Слайд 2)                                   

                (Гучыць музыка "Нарвежская раніца”, на экране – зімовы лес)          

− Якім вы ўбачылі лес? Раскажыце нашаму Снегавічку пра тое, што ўбачылі. Вы ж ведаеце, што яму цікава ўсё, што датычыцца зімы.

                             белы        халодны     прыгожы

− Ці можна сказаць, што ў лесе зімой ціха і пуста? Ці заўважылі вы на фотаздымках птушак і звяроў? Чаму? Як яны адчуваюць сябе зімой у заснежаным лесе?  Вы дома падрыхтавалі верш Паўлюка Пранузы "Ці гатовы да зімоўкі?” (Слайд 3), які нам раскажа, дзе цяпер лясныя жыхары, чаму мы іх не ўбачылі.

1.    Вецер вестку ў лес прынёс:

− Хутка затрашчыць мароз.

Птушак запытаў, звяроў,

Да зімы хто як гатоў?

(Слайд 4)  2.  У няўседлівай вавёркі

                          ў дупле арэхаў горкі,

                сушаных грыбоў нямала –

                восенню нарыхтавала.

3.    Вожык закапаўся ў лісце, 

да вясны яму не выйсці.

А дубы ўсе для дзікоў

панатрэслі жалудоў.

                   4. Не бядуе мішка-лежань,

                       што завее снегам снежань.

                       Ён да самае вясны

                             будзе сніць спакойна сны.

5.    − Ці гатовы да зімоўкі? –   

Запытаўся вецер воўка.

− У-у-у! – пачуў у адказ.—

А навошта мне запас?

Не патрэбна мне бярлогі,

бо мяне пракормяць ногі.

                               6.  Снегірам, шчыглам, сініцам

                                    У бары ўжо не сядзіцца.

                                    Паляцелі да людзей,

                                    Дзе цяплей і весялей.

− Каго мы з вамі зможам сустрэць у зімовым лесе? (Слайд 5)  Пра гэтых звяроў і птушак сёння мы прачытаем у апавяданні Міхася Даніленкі "Зімовая азбука”. Давайце патрэніруем нашы вочкі і язычок, прачытаем некалькі загадак  і адгадаем, пра каго нам раскажа  аўтар у сваім творы.

1.    Рыжая дзяўчына

залезла ноччу ў двор.

Курэй пералічыла

І ўсіх панесла ў бор (Ліса)

 

2.    Улетку шэранькі,

Узімку беленькі,

доўгія вушкі мае,

хутка ў лес уцякае (Заяц)

 

            3. Тут лапоча, там стракоча,

              усе навіны ведаць хоча.

              Гэта птушка белабока -

                балбатлівая …(сарока).

 

        4.  Шэранькі мячык пад лаўкай шастае
             збірае крошкі, баіцца кошкі (Мыш)

 

5.    А вось яшчэ госці:     

     Бачыш, кружыць 20 пар.

     І крычаць яны: кар-кар-кар (Варона)  

− Малайчыны! Вы добра чыталі і правільна адгадалі  ўсе загадкі.

 

 III.  Першаснае  ўспрыманне  тэксту

− Адкрыйце, калі ласка, нашы падручнікі. Я буду чытаць апавяданне, а вы можаце сачыць за мной, а можаце – проста паслухаць. У апавяданні вам сустрэнуцца незнаёмыя словы. Каб лепш зразумець тэкст, я растлумачу значэнне гэтых слоў.

          (Слайд 6)                       Слоўнікавая работа

                      Мышкавала – лавіла мышэй (так часта кажуць пра лісу)

                      Азбука – аснова чаго-небудзь

                     Чыркаць  – праводзіць па чым-небудзь, пакідаючы лінію

                     Таямніцы – сакрэты

 

  (настаўнік чытае апавяданне)

− Пра якую азбуку вы даведаліся з апавядання? (пра зімовую)

− А што такое азбука?

                              Азбука – аснова чаго-небудзь

− Дзякуючы азбуцы, вы навучыліся чытаць. А  што дапаможа зрабіць "зімовая” азбука? (даведацца  шмат цікавага з жыцця жывёл)

− Дзе чытаецца гэта азбука? (толькі на снезе)

−А якім трэба быць, каб навучыцца чытаць зімовую азбуку? (быць уважлівым). На уроку нам таксама  патрэбна быць заўсёды ўважліваым. Але, я бачу, вы трошкі стаміліся. Таму правядзём фізкультхвілінку і трошкі адпачнём. (Слайд 7)

 

IV. Фізкультхвілінка "Зайчык”

           Як на тоненькі лядок

                                      Выбег зайчык: скок ды скок.

                                      Зайчык лапкі падымаў,

                                      Зайчык хвосцікам віхляў.

                                      Міма ліска прабягала,

                                      Ціхенька за дрэўца стала.

                                      Зайчык, зайчык, не зявай,

                                      А ад ліскі ўцякай.


V. Праца над тэкстам (Слайд 8)

− Адпачылі? Прадоўжым нашу працу. Калі ласка, прачытайце  апавяданне моўчкі. Чытайце ўважліва, каб змаглі адказаць на некалькі маіх пытанняў. Калі прачытаеце, каб я бачыла гэта, − ціхенька ўстаньце з-за парты.

 

− Вы былі ўважлівымі? Тады адкажыце на маё першае пытанне: пра каго вы чыталі ў апавяданні?

− Як  завуць хлопчыка?

− Пра каго бацька расказваў  Юрку?  

− Пералічыце, чые сляды на снезе ўбачыў бацька?  Малайчыны, вы на самай справе нядрэнна папрацавалі, былі ўважлівымі.

          (на дошцы адкрываецца малюнак да апавядання)

− Каго вы бачыце на малюнку? Які момант адлюстраваў  мастак? Што робіць Юрка?

− Прапаную прачытаць апавяданне яшчэ раз разам па  частках.

                                (чытаецца першая частка)

 − Пра каго прачыталі ў гэтай частцы? (пра бацьку). Што зрабіў бацька? (расказаў)

− Пра каго расказаў бацька? (пра лісу)

− Што рабіла ліса? (мышкавала). Мы так і скажам: лавіла мышэй. А вось які след пакідае лісічка на снезе. (Слайд 9)

                                    

− Прачытаем 2 частку апавядання. Пра каго мы даведаліся з гэтай часткі? (пра сарок). Што рабілі сарокі?  (падбіралі насенне з дрэў). (Слайд 10) Вось такі след пакінула сарока .

  А вось які ланцужок слядоў пакінулі не снезе мышкі (Слайд 11)      

(чытанне 3 часткі)

 Пра каго даведаліся з 3 часткі? (пра зайца). Што па слядах Юрка даведаўся пра зайца? (спяшаўся, уцякаў ад лісы). Вось такія сляды зайца ўбачыў Юра ў лесе (Слайд 12)

(чытанне 4 часткі апавядання)

− Пра каго яшчэ расказалі сляды на дарозе? (пра варон)

− Што падбіралі вароны? (падбіралі зярняткі). Пра варон бацьку расказаў вось гэты след на снезе (Слайд 13)

− Як бачыце, на самай  справе сляды ў ва ўсіх птушак і звяроў розныя.

− Прачытаем разам апошні абзац. Як вы разумееце сэнс гэтых слоў?

− Ці спадабаўся вам бацька Юркі? Ці можна пра яго сказаць, што ён  уважлівы? Хто з вас таксама хоча навучыцца разгадваць таямніцы лесу?  А навошта вы хочаце гэтаму навучыцца?

                            

VI. Дамашняе заданне

− Ці лёгкае жыццё ў  птушак і звяроў зімой? Ці хацелі б вы яшчэ больш даведацца, як яны жывуць? (Слайд 14) На наступных ўроках чытання мы з вамі прадоўжым знаёмства з творамі пра жывёл.  А дамашняе заданне (Слайд 15)  будзе творчае: вы шмат даведаліся сёння на ўроку пра зімовы лес, пра яго жыхароў. Прапаную намаляваць малюнак "Зімой ў лесе”

 

VII. Падвядзенне вынікаў урока. Рэфлексія  (Слайд 16)

− Вось і скончылася наша незвычайнае падарожжа ў зімовы лес.

− Што было цікавым пад час яго?

− Якую азбуку мы вучыліся  чытаць? (зімовую)

− Паспрабуйце ацаніць свой настрой, з якім вы працавалі на ўроку. Я прапаную параўнаць яго з сонейкам.

                                            

  Мне ж  вельмі спадабалася ваша праца на ўроку. Вялікі дзякуй! (Слайд 18)

Категория: Мои файлы | Добавил: admin_chehov_internat
Просмотров: 6028 | Загрузок: 0 | Комментарии: 8 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: